У Гродне бацькоў заклікаюць аддаваць дзяцей у беларускамоўныя класы

2011
05.13

У горадзе над Нёманам у школах зараз адбываюцца бацькоўскія сходы па папярэднім фармаванні першых класаў. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, найперш Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны, дамагліся магчымасці прысутнічаць на такіх сходах і выступаць на іх з заклікам да бацькоў падаваць заявы менавіта ў беларускамоўныя класы.

Гарадскія ўлады паабяцалі таксама, што ў хуткім часе ў грамадскім транспарце з’явіцца гукавая рэклама беларускіх класаў. Аднак, ці ўдасца стварыць хоць адзін такі клас у горадзе – вялікае пытанне. Нагадаем, што летась адпаведных заяваў было пададзена толькі дзве – іх напісалі прафесар Алесь Астроўскі і журналіст Уладзімір Хільмановіч.

Алесь Астроўскі, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту: “Спачатку павінна адбыцца беларусізацыя вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі. Тады справа стварэння беларускамоўных класаў зрушыцца куды хутчэй”.

Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца і публіцыст: “Улады самі ўжо разумеюць недарэчнасць і ганебнасць такога становішча – калі ў абласным цэнтры Рэспублікі Беларусь няма аніводнага беларускамоўнага класу. На 1995 год у Гродне ў палове з 35 школаў былі такія класы. Але 15 гадоў татальнай русіфікацыі прывялі да таго, што бацькамі кіруе інертнасць мыслення, яны думаюць пра далейшае навучанне ў вышэйшых установах, дзе беларускай мовы таксама няма.

Баюся, што агітацыі грамадскіх арганізацый зараз замала. Установы адукацыі, на маю думку, мусяць максімальна шырока абвесціць пра стварэнне ў розных мікрараёнах гораду адразу 4-5 беларускамоўных класаў у прэстыжных школах, зрабіць іх у нейкім сэнсе элітарнымі. Мяркую, толькі ў такім разе, бацькі пачнуць ахвотна падаваць заявы”.

паводле http://www.spring96.org/

Your Reply