«Справаводзтва па-беларуску!» прапануе трансляваць рэкляму на дзвюх дзяржаўных мовах

2012
01.09
Ігар Случак, Гомель

Ігар Случак, Гомель

Грамадзянская кампанія «Справаводзтва па-беларуску!» зьвярнулася да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу з прапановай падтрымаць зьмены ў артыкулы 10 і 32 закону «Аб рэкляме».

Прапанаваныя зьмены, на думку актывістаў кампаніі, павінны забясьпечыць стварэньне й трансляцыю рэклямнай прадукцыі на дзвюх дзяржаўных мовах, што дазволіць падвысіць статус беларускай мовы.

«Дасьледваньні паказалі, што да 70% беларусаў станоўча ўспрымаюць рэкляму на беларускай мове, а 37% беларусаў лічаць, што беларускай мовы не хапае ў рэкляме. Каля 10% беларусаў навогул дрэнна ці зусім ня ведаюць расейскай мовы. У гэтым выпадку чалавек можа не зразумець сэнсу рэклямы», – патлумачыў ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску!» Ігар Случак (на фота).

Ён з паплечнікамі прапануе дубляваць рэкляму на дзвюх мовах, ці, як варыянт, увесьці норму – 70% рэклямы на беларускай мове.

«Гэта было б добрым і цікавым рашэньнем. Нарматыўнае рэгуляваньне двухмоўя ў рэкляме падштурхне й павысіць канкурэнтаздольнасьць. Ад гэтага ў выніку выйграюць як спажыўцы, гэтак і беларускі бізнес», – мяркуе ініцыятар кампаніі. Ён не выключае, што дэпутаты могуць падтрымаць зьмены, бо зараз існуе праэкт закону аб рэкляме, і не будзе складаным далучыць да яго і прапановы кампаніі.

Паводле gomelspring.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА

Tags: ,

Your Reply