Беларускамоўнае бязмоўе

2012
02.16
ппп

Мы ўжо прызвычаіліся, да зьневажальных адносінаў у Беларусі да беларускай мовы з боку беларускіх жа дзяржаўных структураў. Прызвычаіліся як да бародаўкі на носе, скулы на азадку ці мазаля на руцэ. Непрыемна, але жыць можна. Жыць і спадзявацца, што ўсё пройдзе само па сабе, альбо знойдзецца хутка недзе й некім сродак ад гэтай непрыемнасьці, і тады надыйдзе час ад яе пазбавіцца. (далей – правапіс першакрыніцы)

Мы прызвычаіліся да адсутнасці вышэйшага навучання па-беларуску, мяркуючы, што адукаваны чалавек і так родную мову мусіць ведаць, прывыклі да браку беларускіх класаў, спадзяваючыся, што маладое пакаленне не зрачэцца мовы, якая называецца матчынай, не звяртаем увагу на ганебны стан беларускамоўнай прэсы, бо не чытаем аніякай…

А вось некалькі жудасных апошніх паведамленняў гэтага, 2012-га году, які толькі пачаўся. “У Віцебскай абласной бібліятэцы скасавалі аддзел беларускай літаратуры”. Гэта не ўсё. “У Мінскім педагагічным універсітэце закрытыя адразу чатыры спецыяльнасці беларускай філалогіі”. І гэта не ўсё. “У Віцебску філолагаў беларускай мовы таксама будзе менш…” Як хацелася б сказаць, што на гэты раз пакуль што ўсё. Але не! Не ўсё! І нават не пакуль што…
На беларускую мову пайшоў апошні і рашучы наступ. Былыя бітвы наша мова вытрымала. Як і наша нацыя. Ды і адстойваць сваё тады, у былыя часы, было не так дэпрэсіўна як зараз. Было цяжка, небяспечна, ахвярна… Але не дэпрэсіўна. Бо прыходзілася біцца з ворагам знешнім. З чужаком. І як чужак нашае нішчыў, то гэта і ўспрымалася як агрэсія, і біцца з ім было не толькі справай гонару, але і абавязку.

Іншая справа, калі сваё знішчаюць свае. З нутры. Як хвароба. Тады справа значна больш сур’ёзная. Нібыта яна твая, тая хвароба, хоць табе і не патрэбная. Каб вылечыцца, трэба прымаць пэўныя лекі. Але лекі ў сваю чаргу нішчаць не толькі хваробу, але і здаровы арганізм, даводзячы яго да вельмі знясіленага стану.

Добра яшчэ, калі дыягназ пастаўлены правільна. Лекар разумны папаўся. А як не тая дазіроўка, ці ўвогуле не той лек. Тады і арганізм загубіць можна.

Хоць калі быць справядлівымі да канца, то трэба сказаць, што беларуская дзяржава, вуснамі міністра культуры Рэспублікі Беларусь на гэтыя жудасныя паведамленні пра канчатковае дабіванне беларускай мовы нясмела праляпатала, што не яна ў тым вінаватая. Нібыта не выконваецца нейкі там план па папулярызацыі беларускай мовы. Бо яшчэ нібыта два гады таму прэм’ер-міністр і глава Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацвердзілі такі план мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства. А вось мерапрыемствы гэтага плана не выконваюцца ў поўнай меры, асабліва на мясцовым узроўні.

Як быццам бы на вышэйшым узроўні, у кіраўніцтве і міністэрствах спадары міністры яго выконваюць свята і ўсе пагалоўна размаўляюць па нашаму. Толькі хіба вельмі ціха. Бо ніхто гэтага не чуе.

Акрамя як беларускую мову толькі аднаго тамашняга чыноўніка, самога міністра культуры, які так і не паведаміў, ні па-беларуску, ні на якой іншай мове, якія спагнанні панясуць тыя “мясцовыя структуры, якія не выканалі ў поўным аб’ёме план мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства”, прыняты не абы кім, а самым прэм’ер-міністрам і ажно самым главой Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Думаю, што гэта адзінае рашэнне ажно настолькі высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў, невыкананне якога ў Беларусі застанецца без пакарання.

Хоць, калі па шчырасці, караць то нікога і не трэба. Хапіла б і таго, каб міністэрства культуры проста давяло ўсім дзяржаўным служачым, а асабліва настаўнікам, выкладчыкам і культурным дзеячам, што каб лічыць сябе адукаваным і культурным чалавекам аднаго ведання беларускай мовы сапраўды замала. Але каб не мець аніякіх падстаў лічыць сябе адукаваным, інтэлігентным і культурным чалавекам, то аднаго толькі факту няведання роднай мовы цалкам дастаткова.

Віктар Сазонаў

Паводле Радыё Рацыя,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА

Your Reply