Прэзыдэнская адміністрацыя ігнаруе беларускую мову

2012
04.27

Віцебскі сябара КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, патрабуючы, каб чыноўнікі адказвалі на ягоныя звароты па-беларуску, дайшоў да прэзыдэнскай адміністрацыі. І адтуль яму таксама даслалі адказ на расейскай мове. (далей – правапіс першакрыніцы)

Ян Дзяржаўцаў адзначае, што права атрымліваць адказы на той мове, на якой ён звяртаецца да чыноўнікаў, гарантавана яму артыкулам 18 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», які ўступіў у сілу 22 студзеня 2012 году. Там гаворыцца, што «пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты афармляюцца на мове звароту».

Тым не менш, адказы з раённых адміністрацый на свае заяўкі наконт правядзення пікетаў, якія атрымлівае сябар КХП БНФ, напісаны па-руску. Спадар Дзяржаўцаў звярнуўся з гэтае нагоды са скаргай у віцебскі аблвыканкам, але там яму працытавалі закон аб зваротах грамадзян у састарэлай рэдакцыі. А з пракуратуры Першамайскага раёну актывісту напісалі, што пісьмовая заяўка на пікет зваротам увогуле не лічыцца.

Ян Дзяржаўцаў звярнуўся ў прэзідэнцкую адміністрацыю. І атрымаў ліст, дзе начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Станіслаў Буко праінфармаваў актывіста, што ягоны зварот накіраваны ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь. Адтуль мусіць прыйсці адказ, ці кожны зварот да ўладаў – гэта той самы “зварот”, пра які гаворыцца ў законе «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Чыноўнік з адміністрацыі Станіслаў Буко таксама адказаў віцебскаму актывісту на рускай мове, што выклікала новую хвалю абурэння ў Яна Дзяржаўцава:

“Калі службовая асоба такога рангу дазваляе сабе ігнараваць патрабаванні заканадаўства, дык чаго ж тады можна чакаць ад мясцовых чыноўнікаў? Невядома, навошта ўлады прымаюць такія законы, якія самі не збіраюцца выконваць”.

Паводле spring96.org
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА

Tags: , ,

Your Reply