Вярхоўны суд ня бачыць парушэньня ў адмове вядзеньня судаводства па-беларуску

2012
12.18
...

Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша 17 сьнежня атрымаў ліст за подпісам першага намесьніка Старшыні Вярхоўнага Суду РБ А.А. Федарцова, у якім паведамляецца, што падставы для ўзбуджэньня дысцыплінарнай вытворчасьці ў дачыненьні да судзьдзі суду Баранавіцкага раёну й г. Баранавічы В.А. Петрыва, а таксама старшыні гэтага суду М.А. Кміты адсутнічаюць. Высокі чыноўнік даводзіць заяўніку, што “заканадаўствам не прадугледжаны абавязак вядзеньня судаводства на беларускай мове”.

Раней мы паведамлялі, што вось ўжо 5-ты месяц грамадзкі актывіст дамагаецца, каб суд Баранавіцкага раёну й г. Баранавічы выдаў яму пастановы ад 04.09.2012г., 13.09.2012г., 19.10.2012г. (пастанова аб узбуджэньні выканаўчай вытворчасьці) на беларускай мове. Аднак судзьдзі Петрыў В.А. і Кміта М.А. заўзята дасылаюць Сяргею Гоўшы ўсе судовыя дакумэнты па-расейску, нягледзячы на тое, што ён пісьмова ды ў вуснай формах настойліва просіць судзьдзяў дасылаць лісты па-беларуску.

– У нас дзейнічае закон “Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў” ад 18 ліпеня 2011 году. У ч.1 арт. 18 адназназна сказана, што пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты грамадзянаў выкладаюцца на мове звароту. А вось баранавіцкія ды судзьдзі Вярхоўнага суду ня хочуць ведаць гэты закон і замест пасьлядоўнага ягонага выкананьня самі парушаюць дзейснае заканадаўства”, – адзначыў Сяргей Гоўша.

Праваабаронца мае намер працягваць змаганьне за судаводства на беларускай мове.

Паводле Licviny.info

Your Reply