Форум : Расейскамоўныя беларусы: ці гэта магчыма?

2013
02.20

Апошнім часам у беларускамоўным інтэрнэт – асяродзьдзі актывізаваліся аўтары (сярод іх вядомыя і паважаныя), якія ставяць пытаньне пра пэрспэктывы існаваньня беларускай мовы як адзінай мовы на нашай зямлі.

Наўмысна абвострана яны сьцвярджаюць, што расейская мова ў Беларусі непазбежна сканае, гэта толькі пытаньне часу. Зразумела, што такое люстэркавае разуменьне выкліканае сёньняшняю, вельмі кепскаю моўнаю сытуацыяй у Беларусі, справядлівым непрыманьнем таго, што робяць улады, каб канчаткова зьнішчыць матчыну мову беларусаў.

Але ці карысны такі моўны радыкалізм?

Мы бачым усё больш нашых грамадзянаў, якія шчыра лічаць сябе беларусамі, але ў побыце карыстаюцца расейскай моваю. Пры гэтым паважаюць і беларускую, імкнуцца вывучыць яе.

Можа, фактычнае суіснаваньне расейскай і беларускай моваў змушае нас шукаць нейкіх кампрамісных варыянтаў?

Адно зразумела: жорсткае й непахіснае непрыманьне рэаліяў толькі пагаршае сытуацыю і аб’ектыўна працуе на выцісканьне беларускай мовы нават з асяродку патэнцыйных ейных прыхільнікаў і носьбітаў.

Удзельнікі дыскусыі: Алег Трусаў, старшыня ТБМ, Юлія Чарняўская, кандыдат культуралёгіі, Алег Манаеў, заснавальнік НІСЭПІ і Лявон Баршчэўскі, кандыдат філалягічных навук.

ВІДЭА ДЫСКУСЫІ – ТУТ

P/S …

У НАШЫМ КАМЭНТАРЫ ДА ЎБАЧАНАГААляксей Лапіцкі
(сябра Рабочай Групы Асамблеі дэмакратычных НДА Беларусі, актывіст грамадзянскай супольнасьці Жодзіна, праваабаронца ПЦ “Вясна”, стваральнік і актывіст Цэнтру “Ліцьвіны” ТБМ імя Ф.Скарыны ў Жодзіне, бацька Янкі Лапіцкага):

– У сытуацыі фармальнага двухмоўя ў стане фактычнай дыскрымінацыі беларускамоўных грамадзянаў ды іхных дзяцей па моўнай прыкмеце, працягу палітыкі русыфікацыі грамадзтва на практыцы – усе сацыялягічныя апытаньні й выкладкі зьяўляюца (у той ці іншай ступені) толькі адлюстраваньнем такога анамальна няроўнага й ганебнага становішча ў нашай краіне адносна беларускай мовы – становішча, абсалютна непрыймальнага для любых прыхільнікаў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, рэальнага дзяржаўнага сувэрэнітэту й незалежнасьці.

Таму падобныя, існуючыя сёньня лічбы й суадносіны ня могуць выступаць у якасьці карэктнага базісу для аргумэнтацыі на карысьць таго, што менавіта ў такім жа дэструктыўным накірунку (адносна пазыцыяў беларускай мовы ў беларускім грамадзтве) усё й павінна надалей разьвівацца.

– Як паказалі шырокія апытаньні сярод настаўнікаў, бацькоў і вучняў у школах горада, праведзеныя ў 2001-2002 навучальным годзе мясцовымі актывістамі Цэнтру “Ліцьвіны” ТБМ імя Ф.Скарыны, а таксама досьвед наступнага дзесяцігадовага змаганьня за права навучаньня па-беларуску Янкі Лапікага ў Гімназыі №1 горада Жодзіна (дзе намаганьнямі чынавенства ад адукацыі сёньня практычна не засталося беларускамоўнага навучаньня) – больш за 90 % зь некалькіх тысячаў апытаных бацькоў і вучняў абралі б для сябе ці сваіх дзяцей беларускамоўнае выхаваньне й адукацыю (з дзіцячага садка – 30%, з першае школьнае клясы – 30%, з ВНУ – 30%) толькі пры абавязковай наяўнасьці стабільных дзяржаўных гарантыяў і прыярытэтнасьці для навучаньня па-беларуску (!).

– Сапраўды, пры гэтым важна заўважыць, што патрабаваньне “стабільнасьці” ці “непарыўнасьці працэсу” атрыманьня “якаснай адукацыі” па-беларуску з “працягам беларускамоўнай вышэйшай адукацыі” ў “беларускамоўным ВНУ” (якога дагэтуль не існуе) – ёсьць як “асноўным патрабаваньнем”, гэтак і “абавязковай умоваю” для такога пазытыўнага асэнсаванага выбару грамадзянаў накарысьць роднай мовы (!). Гэта зьяўляецца ў той жа час і лягічным сьведчаньнем таго, што ў параўнаньні з расейскай моваю (для якой такія ўмовы тут існуюць заўсёды) беларуская мова сёньня ў Беларусі знаходзіцца ў ганебным дыскрымінацыйным стане, які аўтаматычна год за годам пастаянна працуе на выцісканьне роднай мовы з сыстэмы адукацыі ды штодзённых грамадзянскіх зносінаў.

Таму стварэньне стабільнага дзяржаўнага прыярытэту для навучаньня па-беларуску (!) – ёсьць безумоўным прыярытэтам і неабходнасьцю сёньня для таго, каб ва ўмовах абвешчанага “двухмоўя” на практыцы дасягнуць “двухмоўя рэальнага” – той дэкляраванай “роўнасьці для абедзьвюх моваў”, у якой дзяржаўная беларуская мова ў Беларусі нарэшце атрымала б (у такіх відавочна дыскрымінацыйных, няроўных умовах) неабходныя для ейнага нармальнага разьвіцья ды ўмацаваньня прэфэрэнцыі.

Далейшае – за асэнсаваным выбарам грамадзянаў. Только свабодныя грамадзяне, якія будуць ведаць сваю родную мову й свабодна на ёй размаўляць, якія будць любіць і паважаць краіну, ў якой жывуць – здольныя будуць зрабіць адзіна правільны выбар накарысьць дзяржаўнай мовы ды ейнай будучыні.

Перакананы, што гэтая будучыня – такая ж паважная й годная, як і будучыня свабоднай, эўрапейскай Беларусі.

***

ВІДЭА

Паводле BelSAT,

Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА

Your Reply