Бэльгіец Адрыэн Бодуэн: «Беларуская – рамантычная мова барацьбы»

2013
02.22

Адрыэн Бодуэн

26-гадовы Адрыэн Бодуэн, які нарадзіўся ў Брусэлі й вырас у Манрэалі, аднойчы сустрэў у Менску беларускамоўную дзяўчыну, закахаўся ў яе ды вывучыў беларускую.

Цяпер ён вывучае ў Празе паліталёгію, што не перашкаджае яму «не пакідаць» мову Багушэвіча. Знаёмства зь яшчэ адным далёкім ад Беларусі беларускамоўным замежнікам у межах сэрыі generation.by «Размаўляй са мной па-беларуску».

Я ўжо нядрэнна размаўляў па-расейску, калі быў у Беларусі. Аднойчы сустрэў і пасябраваў з беларускамоўнымі студэнтамі ў Менску. Тады я зразумеў, што ёсьць людзі, якія актыўна карыстаюцца беларускай. Я не хацеў прымушаць іх размаўляць са мной па-расейску. Вярнуўся дахаты й пачаў вывучаць белмову.

Для мяне моўнае пытаньне вельмі важнае: я нарадзіўся ў Брусэлі й вырас у Манрэалі, у Квэбэку. Заўсёды жыў у краінах, дзе мова мае значэньне й нярэдка выклікае палітычныя сваркі. Таму я вельмі адчувальны да моўных праблемаў, і дзе б я ні быў, намагаюся шанаваць мясцовую мову.

Калі я зноў прыбыў у Беларусь на большы час, то закахаўся ў беларускамоўную дзяўчыну. Каханьне, вядома, дае крылы для вывучэньня ўсялякай мовы!

Вывучаць беларускую мову цяжка, таму што яшчэ не хапае матэрыялаў. А тое, што ўжо ёсьць, складана знайсьці. Асабліва за мяжой. У апошнія гады сытуацыя паляпшаецца, напрыклад, выдалі поўны беларуска-нямецкі слоўнік ці выдатны падручнік маёй выкладчыцы з БДУ Тацяны Рамзы. Кнігу «Размаўляй са мной па-беларуску» магу таксама ўсім параіць. Апошняя даступная і ў Сеціве. Інтэрнэт вельмі дапамагае, бо там жыве белмова, і ёсьць вялікая колькасьць якасных старонак.

Таксама я вучыўся два месяцы ў БДУ, мне там вельмі спадабалася.

Складана тое, што існуюць розныя правапісы ці варыянты мовы: «сапраўдная» мова й так названая зрусыфікаваная мова. Таксама цяжка знайсьці людзей, зь якімі можна размаўляць па-беларуску, асабліва за мяжой.

Але некаторыя словы выклікаюць сьмех. Напрыклад, «папсуецца» — гэта сур’ёзнае слова, якое мае дзіўны й дзіцячы гук. А слова «цацкі» я часта блытаў з іншым словам. Як іншыя замежнікі, часта вымаўляю ‘ы’ як ‘і’ й таму часам «забыць» гучыць па-іншаму.

Вывучэньне беларускай мовы можна пачаць з падручнікаў, але найважнейшае — цікавіцца беларускамоўнай культурай: чытаць газэты, кнігі, слухаць радыё, музыку, N.R.M., напрыклад. Ёсьць таксама беларускія й замежныя фільмы з субтытрамі. Глядзець «Крымінальнае чытво» па-беларуску — гэта вялізная асалода. За мяжой ёсьць беларускія згуртаваньні, зь якімі можна сустракацца, але, на жаль, яны не заўсёды вялікія ці актыўныя.

Размаўляў па-беларуску з усімі акрамя дзяржаўных службоўцаў

У Беларусі я жыў ўсяго 6 месяцаў і бываў там у гасьцях некалькі разоў. Калі я займеў добрую ступень веданьня беларускай, то стаў карыстацца ёй паўсюль, акрамя выпадкаў камунікацый зь дзяржаўнымі прадстаўнікамі. Хіба не хацеў мець праблемы.

Гэта было нялёгка й выклікала ў людзей розныя рэакцыі. У большасьці яна была станоўчай. Людзі дзівіліся, радаваліся й часта казалі, што яны б хацелі таксама ўмець гаварыць па-беларуску. Часам было непрыемна, калі прадавец не разумеў і бязглузда на мяне глядзеў, калі я замаўляў каву ці гарбату, напрыклад. Тады падавалася, што я іншаплянэцянін.

Насамрэч мне вельмі сумна з-за таго, што адбываецца зь беларускай мовай. Я хацеў зьмяніць погляд людзей сваім прыкладам, але, праўдападобна, толькі самі беларусы могуць нешта зрабіць.

Беларуская — рамантычная мова барацьбы

Беларуская мова вельмі прыгожая, нельга спрачацца. Ці падобная яна да расейскай? Так, трошкі, як усе суседнія мовы той жа моўнай групы.

Белмова для мяне ня толькі мілагучна гучыць, але таксама мае вялікае значэньне: яна зьяўляецца мовай культуры й барацьбы за іншую, лепшую Беларусь. І яшчэ гэта вельмі рамантычная мова.

Але, на жаль, я амаль ніколі не карыстаюся беларускай з таго часу, як зьехаў з Беларусі. Гутарыў аднойчы за апошнія паўтары гады. Цяпер я вучуся ў Празе, і трэба было б шукаць беларускамоўных сяброў.

Аднак штодзень чытаю «Нашу Ніву» ды іншыя беларускія сайты. Слухаю перадачы «Радыё Свабода», гляджу «Белсат». Сачу за навінамі, хаця яны звычайна дрэнныя й сумныя.

Карацей, як бачыце, я не забыўся!

Паводле charter97.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА

Tags: ,

Your Reply