Выданьне газэты па-беларуску – “ушчамленьне раўнапраўя дзяржаўных моваў”?

2013
02.06

Раённая газэта “Слонімскі весьнік”

Раённая газэта “Слонімскі весьнік”У лютым сябры слонімскай суполкі БХД у Слоніме сабралі 39 подпісаў пад зваротам да галоўнага рэдактара раённай газэты «Слонімскі весьнік» Кірыла Ляшчанкі з патрабаваньнем вярнуць на старонкі раёнкі родную мову, якую галоўны рэдактар цалкам зьнішчыў, замяніў яе на ресейскую. З 1939 года Слонімская раённая газэта заўсёды выходзіла па-беларуску. З прыходам у рэдакцыю рэдактара Ляшчанкі «Слонімскі весьнік» амаль цалкам стаў выдавацца па-расейску. На беларускай мове застаўся толькі загаловак газэты, і толькі адзін журналіст Васіль Афанасік піша на роднай мове.

Рэдактар «Слонімскага весьніку” Кірыл Ляшчанка даслаў адказ на зварот старшыні слонімскай суполкі БХД Івану Бедку. Спадар Ляшчанка спасылаецца на вынікі рэферэндуму ад 15 траўня 1995 году, “пасьля якога ў нас сталі дзьве дзяржаўныя мовы — беларуская й расейская”. Далей рэдактар паведамляе, што, маўляў, рэдакцыя праводзіла апытаньне наконт мовы газэты, дзе большасьць чытачоў выказалася за тое, каб раёнка выдавалася па-расейску. Хаця такога апытаньня за час рэдактарства Ляшчанкі на старонках «Слонімскага весьніка» не было.

А яшчэ рэдактар слонімскай раёнкі хоча парадаваць слонімцаў, «бо пасьля перарэгістрацыі СМІ ў 2010 годзе назва выданьня мэтанакіравана не была перайменаваная на расейскую мову».

Такім адказам сябры слонімскай суполкі БХД засталіся незадаволеныя. Слонімец Барыс Кучынскі зьвярнуўся з пісьмовым зваротам да рэдактара “Слонімскага весніка” Кірыла Ляшчанкі. У звароце ён патрабуе апублікаваць на старонках раёнкі зварот слонімцаў (39 подпісаў) і побач апублікаваць адказ на іхны зварот, які даслаў Ляшчанка.

Спадар Ляшчанка на такое патрабаваньне-зварот зноў даслаў пісьмовы адказ, на гэты раз асабіста Барысу Кучынскаму. У ім галоўны рэдактар раёнкі паведамляе, што не жадае выдаваць газэту па-беларуску, бо “дзейнасьць “Слонімскага весьніка” не накіраваная на ўшчамленьне раўнапраўя дзяржаўных моваў, а таксама моваў іншых народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у рэспубліцы”.

Адносна просьбы надрукаваць калектыўны зварот і адказ на яго, спадар рэдактар паведамляе, што “рэдакцыя сродка масавай інфармацыі мае права згодна са сваім пунктам гледжання адбіраць і распаўсюджваць у сродку масавай інфармацыі адрасаваныя ёй лісты… Ніхто ня мае права абавязаць юрыдычную асобу, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродка масавай інфармацыі, распаўсюджваць адхіленыя ёю інфармацыйныя паведамленьні ды матэрыялы…”.

Паводле licviny.info

Your Reply