Мода на мову: зборная тайбаксёраў падпісала форму па-беларуску

2013
07.23

Нацыянальная зборная па муай-тай у панядзелак 22 ліпеня выправілася на чэмпіянат Еўропы ў Лісабон. На байцах — новыя модныя цішоткі.

Імёны спартоўцаў і трэнераў падпісаны па-беларуску, прычым лацінкай. Гэтак жа, як назвы станцый на схемах мінскага метро.

“А на эмблеме — ваяр, эліта нашага старажытнага войска, — разглядае сваю новую цішотку чэмпіён свету Дзмітрый Валент. — Гэта цікавая задумка менавіта пад наш від адзінаборстваў”.

Праўда, легендарны крылаты гусар, які з’яўляецца брэндам у тым ліку і польскай вайсковай культуры, выклікаў частковую крытыку ў сацыяльных сетках. Гэта не здзіўляе: некаторыя замежныя крыніцы ўсю гісторыю Рэчы Паспалітай, куды Вялікае княства Літоўскае юрыдычна ўваходзіла як раўназначны партнёр, прыпісваюць польскаму народу.

Але ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі ініцыятыву тайбаксёраў лічаць станоўчай тэндэнцыяй.

“Гэта можна трактаваць як пошук беларускай гістарычнай і культурнай ідэнтычнасці, — тлумачыць загадчык аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Аляксандр Груша. — У нейкай ступені гэты сімвал можна разглядаць здабыткам і нашай вайсковай культуры. Гэта цудоўна, што мы вядзём нашу гісторыю не толькі з XIX і XX стагоддзя, а з часоў больш старажытных. Так ці інакш сучасныя беларусы з’яўляюцца нашчадкамі людзей, якія жылі тут і ў IX, і ў X, і ў XVII стагоддзі. Хоць гістарычны шлях беларускай нацыі даволі складаны і неадназначны”.

Стварэнне цішоткі для тайбаксёраў арганізавала кампанія “Будзьма беларусамі”, якая раней натхніла на беларусізацыю і наш наймацнейшы баскетбольны клуб “Цмокі-Мінск”. Цішоткі пашыты ў Беларусі моладзевым брэндам адзення LSTR. Абяцаецца, што па якасці яны будуць блізкія да Nike ці Adidas.

Прозвішчы байцоў нанесены беларускай лацінкай, каб кожны замежнік мог пачытаць. Правільнасць напісання правяраў кампетэнтны спецыяліст з Акадэміі навук

Зборная па муай-тай зазвычай грае на першых скрыпках падчас чэмпіянатаў свету і Еўропы. Хоць від спорту і не алімпійскі, але куды больш папулярны за тое ж таэквандо, якое ўваходзіць у праграму Гульняў. Дзякуючы таму, што байцы муай-тай могуць выступаць адначасова і па аматарскіх, і па прафесійных правілах, адразу тры прадстаўнікі зборнай стабільна б’юцца ў самых топавых турнірах і маюць тысячы фанатаў па ўсім свеце.

Хоць на гэты раз наша каманда не такая баяздольная, як раней. З-за праблемаў з фінансаваннем на чэмпіянат не змог паехаць баец у вазе 54 кг. Мінус адзін медаль. Таксама, згодна з інфармацыяй Еўрарадыё, пасля зменаў у спартовым заканадаўстве зарплаты нашых лідараў зменшыліся ўтрая. У той жа час спаборнічаць даводзіцца з краінамі, дзе за першае месца выплачваюцца прызавыя ў дзясяткі тысяч еўра.

“Не люблю размаўляць на тэму зарплат, таму што мы працуем не дзеля грошай, а дзеля рэкламы нашай краіны, — пазбягае лічбаў Міхаіл Сцяпанаў, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па муай-тай. Спецыяліст не адступаецца ад самых сур’ёзных задач, якія па-ранейшаму ставяцца нашым байцам. — Наконт зарплат няхай вырашаюць чыноўнікі. Калі яны палічаць патрэбным, яны нас заахвоцяць. Калі палічаць, што мы будзем знаходзіцца на такім узроўні зарплат, значыцца будзем жыць так. Што тычыцца таго ж медыцынскага абслугоўвання і трэніровачных збораў, то нам надаецца тая ж увага, што і алімпійцам. Хоць і працуем мы не горш. А дзесьці некаторыя нашы лідары прыносяць яшчэ большую славу Беларусі”.

Паводле euroradio.fm

Tags: , , ,

One Response to “Мода на мову: зборная тайбаксёраў падпісала форму па-беларуску”

  1. Малайцы хлопцы! …
    Сапраўдныя спатроўцы павінны быць менавіта такімі!
    Заўсёды з вамі!
    Вы – каманда майго сэрца!

Your Reply