«Справаводства па-беларуску!» прапанавала ўладам зрабіць вулічныя шыльды на дзьвюх дзяржаўных мовах

2013
10.24

Грамадзянская ініцыятыва «Справаводства па-беларуску!» сумесна з грамадзянзкай ініцыятывай «Гомельскі дэмакратычны форум» і маладзёжным клюбам «Цывілізацыя» правялі дасьледаваньне таго, як прадстаўлена беларуская мова на вулічных шыльдах у Гомелі і вобласьці.

Агляд шыльдаў на гомельскіх вуліцах паказаў, што шыльды па-расейска складаюць прыкладна 80-85%. Па-беларуску выкананыя ў асноўным тыя шыльды, што былі зробленыя яшчэ ў БССР, альбо зробленыя ў наш час, але не цэнтралізавана, а па ініцыятыве ўласьнікаў дома альбо памяшканьняў.

«Абсалютна не назіраецца адзінага стандарту выкананьня вулічных шыльдаў, да таго ж яны ў большасьці выпадкаў дрэнна заўважныя, што дадае нязручнасьці гараджанам пры жаданьні адшукаць патрэбны дом ці вуліцу. Між тым, пакуль застаецца фактам тое, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы. Падобная сытуацыя і ў Фінляндыі, дзе дзяржаўнымі мовамі зьяўляюцца фінская і швэдзкая. Пры тым, што швэдаў у Фінляндыі толькі 4%, пытаньне з мовай вуліцаў па ўсёй краіне вырашана такім чынам, што шыльды вырабляюцца на дзьвюх дзяржаўных мовах адначасова»,– адзначыў аўтар ідэі грамадзянскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак.

Актывістамі былі зроблены адпаведныя запыты ў райвыканкамы вобласьці, Гомельскі гарвыканкам, Гомельскі аблвыканкам, а таксама адміністрацыю Савецкага раёну Гомеля.

Па выніках разгляду пазначаных зваротаў былі атрыманыя адказы рознага характару. Адказы з Акцябрскага, Калінкавіцкага і Жлобінскага райвыканкамаў былі збольшага нэгатыўнымі, са спасылкамі на фінансавую немэтазгоднасьць і заканадаўчую неўрэгуляванасьць па дадзенаму пытаньню.

З Мазырскага, Лоеўскага, Петрыкаўскага райвыканкамаў рэакцыя была больш пазітыўнай і было паведамлена, што пытаньне прынята да ўвагі. Хойніцкі, Жыткавіцкі, Рагачоўскі райвыканкамы паведамілі, што вулічныя шыльды адразу на дзьвюх дзяржаўных мовах будуць вырабляцца пры наяўнасьці магчымасьцяў і фінансавых сродкаў.

Кармянскі райвыканкам паведаміў, што згодзен з тым, што вулічныя шыльды павінны вырабляцца на дзьвюх дзяржаўных мовах. Праца па замене вулічных шыльдаў будзе праведзеная пры правядзеньні рамонтных работ і фінансавых магчымасьцях.

Сьветлагорскі райвыканкам паведаміў, што прапанова аб выкананьні вулічных шыльдаў на двух дзяржаўных мовах заслугоўвае ўвагі. Для абмеркаваньня мэханізмаў праўнай рэалізацыі прапановы яна была перададзеная дэпутату Палаты прадстаўнікоў па Сьветлагорскай выбарчай акрузе №46, сябру пастаяннай камісыі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні ды рэглямэнце Галіне Філіповіч.

Нараўлянскі райвыканкам па пытаньні вулічных шыльдаў даў такі адказ: раённы Савет дэпутатаў стварыў па дадзеным пытаньні адпаведны нарматыўна-праўны акт – рашэньне аб найменьні вулічна-дарожнае сеткі ў Нароўлі на беларускай і рускай мовах. Дадзенае рашэньне зараз праходзіць неабходныя юрыдычныя працэдуры.

Гомельскі аблвыканкам па пытаньні дубляваньня вулічных указальнікаў па-беларуску і па-расейску пазытыўна аднёсься да прапановы. У адказе пазначана, што парадак выкарыстаньня дзяржаўных моваў непасрэдна пры афармленьні шыльдаў з назвамі вуліц законам «Аб мовах» не вызначаны.

«Зыходзячы з вышэй пазначанага, можна канстатаваць, што мясцовыя ўлады гомельскага рэгіёну ў цэлым пазытыўна ставяцца да пашырэньня выкарыстаньня беларускай мовы на вулічных шыльдах. Але гэта пытаньне не дастаткова нарматыўна ўрэгуляванае, што дае падставы тармазіць гэты працэс», – зрабіў выснову Ігар Случак.

Акрамя іншага, у гомельскім мікрараёне «Давыдаўка» па прапанове ініцыятывы «Справаводства па-беларуску!», падтрыманай ініцыятывай «Гомельскі дэмакратычны форум» і маладзёжным клюбам «Цывілізацыя», на 30-35% дзвярах пад’ездаў былі разьмешчаны ўказальнікі з назвай вуліц па-беларуску.

 

Tags: , , , ,

Your Reply