ТБМ патрабуе вярнуць беларускую мову ў заканадаўства

2014
07.09

Сакратарыят Таварыства беларускай мовы зрабіў зварот да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь пра вяртаньне беларускай мовы ў беларускае заканадаўства.

Цяпер амаль усе законы ў нашай краіне прымаюцца толькі на расейскай мове і не існуе афіцыйнага перакладу іх на дзяржаўную беларускую мову, што зьяўляецца парушэньнем дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Кажа старшыня ТБМ Алег Трусаў:

– Зьвяртаецца шмат людзей, якія скардзяцца на тое, што большасць законаў прымаецца толькі па-расейску. Тыя людзі, якія хочуць мець заканадаўства па-беларуску, самі мусяць перакладаць – з памылкамі. Судзьдзі кажуць, што гэта неафіцыйны пераклад. Парушаецца канстытуцыйнае права грамадзянаў працаваць у судах па-беларуску. Таму мы лічым, што паколькі вы прынялі так званы рэфэрэндум, то й давайце законы адразу прымайце на дзвюх мовах. А так па-беларуску мала законаў прымаецца, можа адзін з сотні… Па культуры пара законаў, а астатнія прымаюцца па-расейску. Афіцыйныя пераклады не робяць.

У зьвязку з гэтым Таварыства беларускай мовы прапануе з 1 верасьня ўсе законы і падзаконныя акты адразу прымаць на дзвюх дзяржаўных мовах, а таксама зрабіць афіцыйны пераклад папярэдніх законаў, якія былі прынятыя толькі на расейскай мове, на дзяржаўную беларускую мову й зьмясціць іх на адпаведных сайтах.

Павордле Антон Разумоўскі,
Беларускае Радыё Рацыя

Tags: , ,

Your Reply