Канстытутцыйны Суд прызнаў сваю неэфэктыўнасьць у моўным пытаньні

2014
09.29

Салігорскі прадстаўнік Беларускага Гэльсынскага Камітэту Леанід Мархотка атрымаў адказ з Канстытуцыйнага Суду на свой зварот па абароне ў беларускай мовы ад дыскрымінацыі. Два месяцы суд вывучаў дванаццаці-старонкавы зварот праваабаронцы, але падставаў для ўзбуджэньня вытворчасьці па справе не знайшоў.

Тым ня менш у адказе Начальніка Сакратарыяту Канстытуцыйныга Суду А. В. Каравая адзначаецца, што Канстытуцыйны Суд неаднаразова разглядаў пытаньне аб роўным выкарыстаньні дзвюх дзяржаўных моваў як у парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасьці законаў, так і ў парадку рэалізацыі права пэўных дзяржаўных інстытуцыяў уносіць свае прапановы на гэты конт. Пры гэтым, з словаў спадара Каравая, Канстытуцыйным Судом выкладаліся пазыцыі аб неабходнасьці ўнясеньня адпаведных зьмяненьняў і дапаўненьняў у закон “Аб мовах” і іншыя акты заканадаўства, здольных забясьпечыць фактычную роўнасьць у выкарыстаньні дзяржаўных моваў, а таксама рэалізацыі права грамадзянаў карыстацца дзяржаўнымі мовамі ў асобных сфэрах іх жыцьцядзейнасьці.

Такі адказ праваабаронца БГК лічыць фактычным прызнаньнем неэфэктыўнасці дзейнасьці Канстытуцыйнага Суду:
– У нашым звароце 25 пунктаў, што абгрунтоўваюць неабходнасьць выпраўленьня ў моўным заканадаўстве прабелаў, выключэньня ў ім калізіяў ды праўнай нявызначанасьці. Існаваньне дагэтуль такой вялікай колькасьці праблемаў у гэтай сфэры яскрава сьведчыць пра тое, што папярэднія неаднаразовыя разгляды гэтага пытаньня Канстытуцыйным Судом і агучаныя ім пазыцыі былі фактычна праігнараваныя дзяржаўнымі ўстановамі ды адпаведнымі службовымі асобамі , – кажа Леанід Мархотка.

Адмову ва ўзбуджэньні вытворчасьці па справе і адфутбольваньне Канстытуцыйным Судом аўтараў звароту з прапановамі ў Парлямэнт праваабаронца салігорскага прадстаўніцтва БНК лічыць простай спробай унікнуць прынцыповага вырашэньня пытаньня па сутнасьці. Такі падыход Канстытуцыйнага Суду, на думку Леаніда Мархоткі, ніяк не спрыяе стварэньню ў заканадаўстве дадатковых мэханізмаў па рэалізацыі права грамадзянаў на карыстаньне беларускай мовай.

Нагадаем, 13 красавіка 2014 году набыў моц Закон “Аб канстытуцыйнай судавытворчасьці”, які прыйшоў на зьмену ранейшай рэдакцыі Закону “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”. Упершыню права зьвяртацца ў Канстытуцыйны Суд для ўзбуджэньня вытворчасьці па справах аб выпраўленьні ў заканадаўстве прабелаў, выключэньня ў ім калізіяў і праўнай нявызначанасьці атрымалі грамадзяне ды грамадскія аб’яднаньні. Каб пазбавіцца гэткіх калізіяў у заканадаўстве аб мовах зьявілася ініцыятыва юрыдычнага экспэрта Беларускага Гэльсынскага Камітэту Гары Паганяйлы, якую падтрымалі грамадзяне ў тым ліку ў Салігорску.

Паводле spring96.org

Tags: , ,

Your Reply