Баранавічы: бацькі беларускамоўных дзяўчынак просяць міністра адукацыі забяспечыць іх навучанне па-беларуску

2014
11.12

Бацькі дзяцей былога адзінага беларускамоўнай клясы ў Баранавічах Тацьцяна і Алег Малашчанкі, а таксама Антаніна і Васіль Філіпчыкі накіравалі ліст-зварот міністру адукацыі Сяргею Міскевічу, у якім адзначылі, што іх дзеці маюць праблему з працягам навучаньня на роднай мове.

У лісьце паведамляецца, што ў гэтым годзе іх дзеці Ядзьвіга Малашчанка і Аліса Філіпчык скончылі адзіны ў горадзе чацьвёрты беларускамоўны кляс СШ № 14 і ў сувязі з пераменай месца жыхарства падалі заяву на навучаньне па-беларуску ў пяты кляс гімназіі № 4. Але гарадскія і школьныя чыноўнікі адмовіліся стварыць беларускамоўны кляс.

Канстытуцыя, а таксама закон аб роўнасьці дзьвюх дзяржаўных моваў і Кодекс РБ аб адукацыі забясьпечваюць нам права выбару мовы адукацыі ў любой навучальнай установе краіны. Таму незразумела, чаму мы амаль 5 месяцаў павінны працягваць змаганьне з дзяржаўнымі і школьнымі чыноўнікамі. Усе адмоўныя адказы на нашыя звароты аб жаданьні вучыцца па-беларуску нам пішуцца быццам нібыта па нейчыей ўказцы і адной рукой. Спачатку чыноўнікі спасылаліся на сярэднюю напаўняльнасьць клясаў, падвышаючы кожны раз лічбу, затым – на вынікі сумоўя з іншымі бацькамі, цяпер – на стварэньне нейкіх “спрыяльных умоў для ўдзелу ў пазаклясных мерапрыемствах… якія прадугледжваюць стварэньне камунікацыі, асяродьдзя, зносін на беларускай мове… ў акрэсьленых рамках”. Мы просім адукацыі па-беларуску, а нам прапануюць нейкую “камунікацыю на беларускай мове” ва ўмовах “русского мира”. У выніку бюракратычная цяганіна доўжыцца, а навучаньня на роднай мове няма, таму мы і зьвярнуліся да міністра адукацыі, – паведаміла Тацьцяна Малашчанка.

Такім чынам, бацькі беларускамоўных дзяўчынак настойваюць на выкананьні іх законных патрабаваньняў і просяць міністра адукацыі забясьпечыць навучаньне Алісы Філіпчык і Ядзьвігі Малашчанкіна дзяржаўнай беларускай мове ў гімназіі №4 г. Баранавічы.

Паводле spring96.org

Фота: Ядзьвіга Малашчанка і Аліса Філіпчык – вучаніцы 5 кляса гімназіі № 4 горада Баранавічы

Tags: , ,

Your Reply