Баранавічы: бацькі вучняў былой беларускамоўнае клясы зьвярнуліся да Генэральнага пракурору

2015
01.17

Бацькі вучняў былой беларускамоўнае клясы ў Баранавічах Тацяна й Алег Малашчанкі ды Антаніна й Васіль Філіпчыкі накіравалі зварот Генэральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь.

У звароце адзначаецца, што Баранавіцкі гарадзкі выканаўчы камітэт, адміністрацыя Гімназыі № 4, Берасьцейскі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства адукацыі РБ адмовілі ім ў рэалізацыі права на адукацыю сваіх дзяцей на дзяржаўнай беларускай мове, прадугледжанага заканадаўствам і міжнароднымі нормамі.

У лісьце паведамляецца, што ў 2010 годзе была арганізаваная беларускамоўная кляса ў СШ № 14 г.Баранавічы з трох чалавек. Чатыры гады дзеці вывучалі ўсе прадметы на беларускай мове, згодна з усімі нарматыўнымі актамі, прынятымі ў РБ у галіне адукацыі, і праўнымі нормамі. У чэрвені 2014 году дзеці (дзьве з трох дзяўчынак) – Аліса Філіпчык і Ядзьвіга Малашчанка, паступілі ў Гімназію № 4, як і плянавалася раней, каб працягнуць навучаньне на беларускай мове на больш высокім роўні. Аднак гэтага не адбылося, ня гледзячы на тое, што арт.50 Канстытуцыя РБ, а таксама арт.17 аб роўнасьці дзьвюх дзяржаўных моваў і Кодэкс РБ аб адукацыі ад 13.01.2011г. № 243-З гарантуюць права выбару мовы, атрыманьне адукацыі ў любой навучальнай установе краіны.

Аўтары звароту абураюцца тым, што амаль 6 месяцаў яны павінны працягваць змаганьне з чыноўнікамі. Бацькі пішуць, што мелі пэўныя спадзяваньні на Міністэрства адукацыі, але час ідзе, а ніякіх зрухаў пасьля адказу ад іх няма. Тацяна і Алег Малашчанкі й Антаніна й Васіль Філіпчыкі расцэньваюць такія дзеяньні ўладаў як абражаючыя. Яны дадаюць, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, як запісана ў арт.22 Канстытуцыі РБ.

Аўтары звароту просяць Генэральнага пракурора абараніць іхныя законныя правы на навучаньне па-беларуску й пакараць парушальнікаў закону.

Паводле spring96.org

На фото – Яся Малашчанка, Аліса Філіпчык

Tags: , , ,

One Response to “Баранавічы: бацькі вучняў былой беларускамоўнае клясы зьвярнуліся да Генэральнага пракурору”

  1. […] Мы зьвярнуліся ў Генеральную пракуратуру таму, што баранавіцкія, берасьцейскія і менскія […]

Your Reply