Скаргу адносна немагчымасьці навучаньня па-беларуску Генеральная пракуратура пераслала ў Міністэрства адукацыі

2015
02.12

Бацькі вучняў былога беларускамоўнага кляса ў Баранавічах Тацьцяна й Алег Малашчанкі й Антаніна й Васіль Філіпчыкі атрымалі ліст з Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь за подпісам старэйшага пракурора адзьдзела па нагляду за захаваньнем правоў і свабодаў грамадзянаў В.Г. Куксо. У ім паведамляецца, што Генеральная пракуратура перанакіроўвае зварот бацькоў аб жаданьні іх дзяцей навучацца па-беларуску ў Міністэрства адукацыі й просіць даць адказ зацікаўленым асобам і Генеральнаму пракурору.

Мы зьвярнуліся ў Генеральную пракуратуру таму, што баранавіцкія, берасьцейскія і менскія чыноўнікі адмовілі нам ў рэалізацыі права на адукацыю нашых дзяцей на дзяржаўнай беларускай мове. Мы прасілі Генеральнага пракурора абараніць нашыя правы і пакараць парушальнікаў закона. Мы прайшлі ўсе інстанцыі, і засталася толькі Генеральная пракуратура. Але зь яе адказу пакуль зусім незразумела, як будзе вырашана наша пытаньне, – пракаментавала Тацьцяна Малашчанка.

Яна адзначыла, што хоць і не вялікая, але нейкая надзея на адкрыцьцё беларускамоўнага кляса ўсё ж ёсьць. Тацьцяна Малашчанка спадзяецца, што пракуратура прымусіць дзяржаўных чыноўнікаў выконваць закон, таму бацькі вучняў былога беларускамоўнага кляса ў Баранавічах ўсё яшчэ не губляюць надзеі на навучаньне сваіх дзяцей па-беларуску.

Праваабаронца Сяргей Гоўша настроены больш скептычна ў справе адкрыцьця беларускамоўнага кляса ў Баранавічах. Ён упэўнены, што пракуратура павінна не перанакіроўваць звароты бацькоў у дзяржаўныя структуры, а сама абавязана правесьці праверку і прыцягнуць да адказнасьці тых чыноўнікаў, якія забараняюць адкрываць беларускамоўны кляс. Не пакарала мясцовых парушальнікаў закона Баранавіцкая міжраённая пракуратура, лічыць Сяргей Гоўша, не пакарае парушальнікаў закона ў Міністэрстве адукацыі і Генеральная пракуратура.

Паводле spring96.org

На фото – Яся Малашчанка, Аліса Філіпчык

Tags: , , ,

Your Reply