Баранавічы: вучыцца па-беларуску дзецям прапануюць у сельскай школе за 10 кіламетраў ад горада

2015
03.15

Бацькі вучняў былога беларускамоўнага кляса ў Баранавічах Тацьцяна й Алег Малашчанкі й Антаніна й Васіль Філіпчыкі накіравалі паўторны зварот Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь.

Яны адзначылі, што іх першы зварот да Генеральнага пракурора аб невыкананьні заканадаўства аб мовах чыноўнікамі Баранавіцкага гарвыканкама, Бярасьцейскага абласнога выканкама, Міністэрства адукацыі Генеральная пракуратура не разглядала па сутнасьці, а перанакіравала ў Міністэрства адукацыі.

Замест таго, каб прыцягнуць да адказнасьці парушальнікаў закона й прымусіць гарадзкіх, абласных і міністэрскіх чыноўнікаў выконваць заканадаўства аб мовах, Генеральная пракуратура адправіла наш зварот для разгляду тым, хто парушае законы і нашыя правы. Нас абурыла тое, што Міністэрства адукацыі прапанавала, каб нашыя дзеці вучыліся па-беларуску не ў Баранавічах, а ў сельскай Жамчужненскай сярэдняй школе, якая знаходзіцца ў 10 кіламетрах ад нашага дому. Мы жывём у Баранавічах і хочам вучыцца на роднай мове ў сваім горадзе. Артыкул 50 Канстытуцыі гарантуе нам карыстаньне беларускай мовай і свабоду выбару мовы выхаваньня й навучаньня. Таму мы паўторна зьвяртаемся да Генеральнага пракурора і просім не ўхіляцца, а разглядзець нашую заяву па сутнасьці і тэрмінова абараніць нашыя правы на навучаньне па-беларуску, – пракаментавала Тацьцяна Малашчанка.

Паводле spring96.org

На фота – Яся Малашчанка, Аліса Філіпчык

Tags: , , ,

Your Reply