У Салігорску ТБМ зьбірае подпісы за выкананьне моўнага заканадаўства

2015
03.19

Пасьля абраньня новым кіраўніком салігорскай арганізацыі ТБМ Уладзімера Масакоўскага мясцовая суполка прыхільнікаў беларускай мовы актывізавала сваю барацьбу за моўную роўнасьць у рэгіёне.

Па ініцыятыве ТБМ салігорцы распачалі збор подпісаў пад патрабаваньнем да мясцовых уладаў прывесьці шыльды з назвамі Салігорскага райвыканкаму і Савета дэптутатаў, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, а таксама ўсю вонкавую інфармацыю ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі моўнага закандаўства. У патрабаваньні зьвяртаецца ўвага на артыкул 2 Закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, паводле якога дзяржава “забясьпечвае ўсебаковае разьвіцьцё й функцыянаваньне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадзкага жыцьця. Рэспубліка Беларусь праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным разьвіцьці й ўжываньні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі”. Аднак у сталіцы шахцёраў, па меркаваньні падпісантаў звароту, такога клопату не назіраецца.

Жыхары Салігорска, як індывідуальна, так і ад імя грамадзкіх арганізацый, ужо неаднаразова зьвярталіся ў Салігорскі райвыканкам са скаргамі аб парушэньнях у горадзе моўнага заканадаўства. Аднак дагэтуль у абсалютнай большасьці арганізацый і ўстаноў, у тым ліку ворганах мясцовай улады, шыльды з назвамі і вонкавая інфармацыя выкананы толькі на рускай мове, а беларуская мова й яе носьбіты дыскрымінуюцца. Новаабраны старшыня салігорскай аргранізацыі ТБМ Уладзімер Масакоўскі спадзяецца, што гэтым разам сітуацыю атрымаецца зварухнуць зь мёртвай кропкі.

Паводле spring96.org

Tags: , , ,

Your Reply