Мазырcкія ўлады не бачаць праблемаў з выкарыстаньнем роднай мовы

2015
03.08

Мазырскі райвыканкам і Савет дэпутатаў адказалі на зварот праваабаронцы Уладзімера Целяпуна наконт сітуацыі ў раёне з выкарыстаньнем роднай мовы. Нагадаем, заяўнік заклікаў мясцовых кіраўнікоў прыняць усе меры для рэальнага забесьпячэньня права грамадзян на родную мову.

У Мазыры няма ніводнага дзіцячага садка з беларускай мовай выхаваньня, беларускамоўнага кляса, школы ці гімназіі. Нават шыльды з назвамі вуліц апошні час размяшчаюць на рускай мове. Уладзімер Целяпун мае досьвед, калі ў судзе яго заявы, сьведчаньні па-беларуску перакладалі потым, для рашэньня, на рускую мову. У канцылярыі пракуратуры праваабаронцу неяк папярэдзілі, што адказ на заяву па-беларуску будзе дадзены на рускай мове.
У праваабаронцы ні з адным з чыноўнікам райвыканкама, дэпутатамі раённага Савета і Нацыянальнага сходу не атрымалася наўпрост пагаварыць на беларускай дзяржаўнай мове, аднак адказы на пісьмовыя заявы ён атрымлівае па-беларуску. Мясцовая газета «Жыцьцё Палесься», заснавальнікамі якога з’яўляюцца райвыканкам і райсавет, па-беларуску друкуюць толькі назву выданьня. Зьмест СМІ цалкам падаецца на рускай мове.

Уладзімер Целяпун мяркуе, што такія падыходы парушаюць прынцып роўнасьці (арт. 22 Канстытуцыі), прыводзяць да пераважнага ўжываньня рускай мовы за кошт беларускай і могуць быць ацэнены як дыскрымінацыйныя.
Адказы чыноўнікаў што з райвыканкаму, што з Савету дэпутатаў напісаны як пад капірку. Прадстаўнікі ўлады пішуць, што ў раёне з мэтай папулярызацыі беларускай мовы праводзяцца мерапрыемствы ў галіне культуры і адукацыі: выставы, вечарыны, конкурсы і гэтак далей. Па інфармацыі чыноўнікаў, у Мазырскім раёне 30 устаноў адукацыі вядуць справаводства па-беларуску.

Між тым, праваабаронца зьвяртаў увагу на канкрэтныя рэчы: адсутнасьць беларускамоўных школ, садкоў, публікацыі ў раённай газэце «жыцьцё Палесьсе», заснавальнік якой – райвыканкам, толькі на рускай мове, немагчымасьць наўпрост пагаварыць з «вертыкаллю» і дэпутатамі на роднай беларускай мове, якой яны, як паказвае досьвед, не валодаюць. На гэтыя пытаньні адказу ў чыноўнікаў не знайшлося.

«Па сутнасьці звароту – нічога канкрэтнага. Пра газету «Жыцьцё Палесьсе» – поўны маўчок. Адны робяць ціхай сапай сваю брудную справу русіфікацыі, а беларускім чыноўнікам – беларусам, як быццам гэта даспадобы. Прыкра», – пракамэнтаваў Уладзімер Целяпун.

Паводле spring96.org

На фота – праваабаронца Уладзімер Целяпун

Tags: , ,

Your Reply