ТБМ падрыхтавала сьпіс аргумэнтаў наконт дыскрымінацыйнага стану беларускай мовы ў Беларусі

2015
04.01

Фактамі, падрыхтаванымі Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), можна сьмела апэляваць у дыскусіях, калі апанэнт просіць доказаў, што носьбітаў беларускай мовы ў Беларусі прыцясьняюць.

Аргумэнты наконт дыскрымінацыйнага стану беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь (!) падсумаваныя ў межах падрыхтоўкі прапановаў да праэкту нацыянальнага дакладу аб выкананьні Канвэнцыі аб ахове і заахвочваньні разнастайнасьці формаў культурнага самавыяўленьня.

Маніторынг стану дзяржаўнай беларускай мовы ў нашай краіне, праведзены на працягу апошняга году, сьведчыць аб тым, што існаваньне дзяржаўнай беларускай мовы, як асноўнага элемэнту беларускай культуры знаходзіцца пад пагрозай у розных сфэрах ейнага функцыянаваньня. Асаблівую заклапочанасьць выклікае сыстэма адукацыі на ўсіх роўнях, — гаворыцца ў дакумэнце ТБМ.

У адпаведнасьці з дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, колькасьць навучэнцаў дзённых беларускамоўных сярэдніх навучальных установаў на пачатак 2013/2014 г. складала толькі 15,5 %. Зь іх у сталіцы нашай краіны — Менску — толькі 2,1 %, што недапушчальна.

Колькасьць беларускамоўных школаў у нашай краіне штогод зьмяншаецца, а новых ніхто не адкрывае. Асабліва цяжкая сытуацыя склалася ў сыстэме ВНУ нашай краіны. У некаторых ВНУ маецца толькі адзін прадмет, які выкладаецца па-беларуску. Гэта “Беларуская мова. Прафэсійная лексіка”.

Пры гэтым колькасьць гадзінаў была зьменшаная з 96 да 34, а форма кантролю ведаў пераведзеная з іспыту на залік.

Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, агучанымі Міністрам інфармацыі сп. Ананіч падчас адкрыцьця Міжнароднай кніжнай выставы ў 2015 г., колькасць кніжнай прадукцыі на беларускай мове складае 10% ад агульнай колькасьці.

У галіне заканадаўства беларуская мова — мова трох Статутаў ВКЛ — практычна ігнаруецца. Большасьць розных законаў і пастановаў прымаецца толькі на расейскай мове, не існуе і іхных афіцыйных перакладаў. Напрыклад, у 2014 г. Радай Міністраў прынята 1297 пастановаў, зь іх на беларускай мове — толькі 170, што складае 13%. У 2014 г. з усіх законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў, на дзяржаўнай беларускай мове былі прынятыч толькі 2. Праўленьне Нацыянальнага Банке Рэспублікі Беларусь у 2014 г. прыняло толькі 9 пастановаў на беларускай мове.

Заснавальнікам газэтаў “Минский курьер” і “Вечерний Минск”, якія выходзяць шматтысячнымі накладамі, зь іх частка раздаецца бясплатна, зьяўляецца Мінгарвыканкам. Мовай выданьня была абраная толькі расейская мова, што пярэчыць дзеючай Канстытуцыі й рэфэрэндуму 2005 году.

У краіне адсутнічаюць беларускамоўныя тэлеканалы, і нават не створана паўнавартасная беларускамоўная вэрсія сайту Белтэлерадыёкампаніі.

Паводле novychas.info і Licviny-INFA

Tags: , , ,

Your Reply