Баранавічы: Генэральная пракуратура падтрымала дзеяньні мясцовых і міністэрскіх чыноўнікаў

2015
04.07

Бацькі вучняў былога беларускамоўнага кляса ў Баранавічах Тацьцяна й Алег Малашчанкі, а таксама Антаніна й Васіль Філіпчыкі атрымалі ліст з Генэральнай пракуратуры за подпісам начальніка адзьдзела па нагляду за захаваньнем правоў й свабод грамадзян М.В. Паповай.

У адказе паведамляецца, што зварот бацькоў па пытаньні арганізацыі навучаньня дзяцей на беларускай мове разгледжаны, але ў гімназіі № 4 горада Баранавічы няма магчымасьці навучацца па-беларуску.

– Мы ўпэўнены, што такія магчымасьці ёсьць, і яны навідавоку, але ў рэальным жыцьці аказалася, што беларуская дзяржава супраць навучаньня нашых дзяцей на роднай мове. Таму мы вось ужо цэлы навучальны год змагаемся з баранавіцкімі, берасьцейскімі й менскімі чыноўнікамі за тое, каб нашыя дзеці працягвалі вучыцца па-беларуску ў гімназіі № 4. Вялікая надзея была на Генэральную пракуратуру, і мы разлічвалі, што зь яе дапамогай мы станоўча вырашым нашае пытаньне. Але замест таго, каб прыцягнуць да адказнасьці парушальнікаў закона і прымусіць гарадзкіх, абласных і міністэрскіх чыноўнікаў выконваць заканадаўства аб мовах, Генэральная пракуратура наш першы зварот адправіла для адказу тым, хто парушае законы і нашыя правы. А з цяперашняга адказу вынікае, што Генэральная пракуратура не бачыць у дзеяньнях дзяржаўных чыноўнікаў парушэньня закона аб мовах і Канстытуцыі, таму і падтрымала дзеяньні мясцовых і міністэрскіх чыноўнікаў, якія не хочуць адкрыцьця беларускамоўнага кляса ў Баранавічах, – паведаміла Тацьцяна Малашчанка.

Яна адзначыла, што ў склаўшыхся ўмовах будзе зьвяртацца ў суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы.

Поводле spring96.org

На фото – Яся Малашчанка, Аліса Філіпчык

Tags: , , ,

One Response to “Баранавічы: Генэральная пракуратура падтрымала дзеяньні мясцовых і міністэрскіх чыноўнікаў”

Your Reply