Сама чытанае за 2015 на Нашай Ніве. Намер міністра адукацыі вярнуць вывучэньне гісторыі й гэаграфіі Беларусі па-беларуску выклікаў нэрвовую рэакцыю ў Расеі

2016
01.18

Фінансаваныя з дзяржбюджэту расейскія СМІ і аналітыкі назвалі гэта «стаўкай на радыкальны нацыяналізм».

21 студзеня новы міністар адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў заявіў: «Вывучаць гэаграфію ды гісторыю Беларусі трэба на беларускай мове. Я мяркую, што паступова самі дзеці прыйдуць да таго, што захочуць вывучаць палову ці большую частку прадметаў агульнаадукацыйнае школы на беларускай мове».

Гэтае выказваньне мала розьнілася ад заяваў ранейшага міністра, Маскевіча. Гаворка ідзе не пра ўвесь курс гісторыі й гэаграфіі, а толькі пра гісторыю ды гэаграфію Беларусі. Да 2000-х іх вывучалі па-беларуску, але пасьля перавялі працэс на расейскую мову. Хоць цяжка сабе ўявіць, каб, скажам, у Расеі гэаграфію ды гісторыю Расеі вывучалі не па-расейску, а на іншай мове.

Ранейшыя пажадальныя заявы Маскевіча ніякіх практычных вынікаў ня мелі. Дый, здавалася б, пытаньні адукацыі — выключна нутраная справа Беларусі. Тым ня менш, нават гэтага сьціплага пажаданьня зрабіць нешта, каб палепшыць веданьне беларускай мовы маладым пакаленьнем, стала дастаткова, каб шэраг фінансаваных дзяржавай СМІ і аналітычных цэнтраў Расеі ўзьнялі вялікі шум.

«21 января министр образования Белоруссии Михаил Журавков заявил, что в ближайшее время преподавание истории и географии на русском языке в школах будет запрещено», — у характэрнай гёбельсаўскай манэры напісала інфармацыйная агенцыя «Рэгнум». Яно, фактычна, зьяўляецца інструмэнтам стварэньня сеткі агентаў уплыву ў былым СССР, замаскіраваны пад сродак масавай інфармацыі.

«Печально констатировать, что Белоруссия верно следует антироссийским курсом. Власти республики идут по пути национализма украинского толка. Пока это не столь явно, но ситуация далее будет лишь усугубляться», — заявіў намесьнік дырэктара Цэнтра ўкраіністыкі й беларусістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Багдан Бяспалька.

«В Белоруссии началась очередная волна дерусификации, это факт, — туруе кіраўнік галаслівага інтэрнэт-партала з паказальнай назвай «Імперыя» Юрый Баранчык, які пераехаў жыць і працаваць у Маскву зь Беларусі.
«Імперыя» адыграла важную ролю ў арганізацыі беспарадкаў на Данбасе, якія перарасьлі ў крывавую вайну.

«По сути, белорусское руководство сейчас окончательно сбросило маски, — страшыць Баранчык. — Если ситуация не изменится, лет через пять белорусский национализм может сравняться по своей крайности с украинским».

Як відаць з гэтых выказванняў, імперскія сілы ў Расіі можа задаволіць толькі поўная адмова беларусаў ад сваёй мовы і культуры. Яны рыхтуюць расійскую грамадскую думку да сілавога ўмяшання ў жыццё нашай краіны пад прэтэкстам процідзеяння выдуманым «нацыяналістам».

Пакуль рукі гэтых сілаў зьвязаныя Украінай, якая аказала супраціў плянам расчляненьня краіны. Нацыянальная сьвядомасьць украінцаў аказалася мацнейшай, чым меркавалі ў Маскве. Пасьля рэалізацыі сваіх плянаў ва Украіне ці ў выпадку іхнаге канчатковага блякаваньня гэтая шація можа пераарыентавацца на Беларусь.

«Путем создания альтернативного экспертно-общественного мнения и опоры на сотрудников спецслужб Украины, а теперь и Белоруссии (ибо в любом случае для российских интеграторов на очереди именно она) можно создавать сильное пророссийское движение, способное не только оказывать воздействие на общественное мнение, но и изменять политику и руководство этих стран в нужном России направлении», — засцерагае былы супрацоўнік Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, доктар гістарычных навук Аляксандар Сыцін у сваім артыкуле «Анатомия провала: О механизме принятия внешнеполитических решений Кремля». Гэта – аналітычны цэнтар пры Службе замежнай выведкі Расеі, які цяпер перайшоў у падпарадкаваньне Адміністрацыі прэзыдэнта РФ.

У 1990-я і 2000-я Расея ўзнагароджвала Беларусь шчодрымі нафтагазавымі субсыдыямі ўзамен за ваенна-палітычны саюз і палітыку русіфікацыі. Аднак, як паказалі падзеі ў Крыме й Данбасе, доўгатэрміновая мэта Расеі — інкарпарацыя тых суседніх краінаў ці іхных рэгіёнаў, якія дасягнулі высокай ступені абрусеньня.

Паводле nn.by
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА
Lićviny-INFA

 

Tags: , , , , , , , , , , , ,

Your Reply